Рекламный блок от Яндекс
Hosted by uCoz
Гасцёўня ФОТА Навагрудка План Навагрудка НАВІНЫ раёна Аўтар сайта Gaiba и мир Мае артыкулы Сайт_музея А.Міцкевіча


Архіў: НАВІНЫ 2007
Архіў: НАВІНЫ 2005
Архіў: НАВІНЫ 2004

НАВІНЫ НАВАГРУДЧЫНЫ 2006 г. па матэрыялах раённай газеты "НОВАЕ ЖЫЦЦЁ".


2006 год:

16 снежня ў г.Навагрудку праходзяць здымкі телеперадачы "Новыя падарожжы дылетанта" з Ю.Жыгамонтам. Глядзіце эфір канала СТБ (Сталічнае Тэлебачанне) у нядзелю 24 снежня. (уласная інфармацыя).

Снег растаяў і 16 снежня на тэрыторыі Дома-музея А.Міцкевіча зацвілі кветкі маргарыткі.

3 лістапада 2006г. ў г.Навагрудку выпаў першы снег новага сезона. (У мінулым, 2005г., першы снег выпаў пазней - 17 лістапада).

(27.09.06.)Вучэнні ў нашым горадзе!
23-25 кастрычніка 2006 года на тэрыторыі раёна будуць праводзіцца вучэнні па грамадзянскай абароне. 24-25 кастрычніка будуць адпрацоўвацца вучэбныя практычныя мерапрыемствы з прыцягненнем аварыйных служб раёна на аб'ектах: ААТ "Навагрудскі завод газавай апаратуры", ААТ "Навагрудскі масларобчы камбінат", СШ № 7, дзіцячы сад № 7, гарадская лазня РУП ЖКГ, РУП "Навагрудская швейная фабрыка", в/ч 14103. (выбух і гарэнне на кацельні, выбух пры радыяцыйнай аварыі на атамнай станцыі, разліў і дэмеркуляцыя ртуці і інш.). Кіраваць вучэннямі будзе начальнік штаба ГА вобласці, начальнік абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях А.Г. Бабій.
На тэрыторыі горада будзе ажыццёўлены запуск электрасірэн з мэтай праверкі іх спраўнасці і працаздольнасці.
Грамадзяне! Просьба захоўваць спакой, не паддавацца паніцы і не распаўсюджваць ілжывых чутак аб аварыях і іншых надзвычайных сітуацыях на тэрыторыі горада і раёна.
Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.

(27.09.06.)Птушыны свет захапляльны!
Доўгі час у Доме-музеі А. Міцкевіча працавала фотавыстава «Птушкі вакол нас», якую арганізавалі раённае аддзяленне «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) i эколага-біялагічны цэнтр дзяцей i моладзі горада. Выдатныя работы фотамастакоў-анімалістаў - Мікалая Гулінскага, Георгія Гулеўскага, Сяргея Чарапіцы, Яўгена Сліжа былі прапанаваны Гродзенскім абласным аддзяленнем АПБ. Пад час афіцыйнага адкрыцця выставы музей гасцінна сабраў не толькі навагрудчан, але i гасцей з Мінска, Гродна i Барысава. Вершаванымі радкамі з паэмы "Пан Тадэвуш" А. Міцкевіча, якія адлюстроўваюць векавую цесную сувязь чалавека з жывой прыродай, вітаў дырэктар музея М.П. Гайба ўсіх прысутных. Фотавыставу прэзентавалі самі мастакі М. Гулінскі i Г. Гулеўскі, якія цікава i захапляльна распавялі пра сустрэчы са сваімі аб'ектамі фотапалявання. На выставе былі прадстаўлены фатаграфіі як звычайных відаў птушак, так i тых, якія сустракаюцца вельмі рэдка ці нават занесены ў Чырвоную кнігу РБ. Гэта, напрыклад, арлан-белахвост, малы арлец, жоўтагаловы дзяцел, чорны бусел, зімародак i інш. Прэзентацыю дзейнасці АПБ адкрылі гурткоўцы клуба "Крылаты дазор", які працуе на базе эколага-біялагічнага цэнтра. Супрацоўнік АПБ Руслан Шайкін распавядаў аб дзейнасці Грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны". Разам з тым адбылася прэзентацыя дзейнасці Навагрудскага раённага аддзялення "АПБ". Пад час прэзентацыі госці змаглі пазнаёміцца з выдавецкай дзейнасцю арганізацыі i стаць членам АПБ. Напрыканцы сустрэчы Дзмітрый Вінчэўскі расказаў пра жыццёвы шлях заснавальніка беларускай арніталогіі Kaнстанціна Тызенгаўза, які 220 год назад нарадзіўся ў мястэчку Жалудок, што знаходзіцца ў Шчучынскім раёне. Апошняе слова ў прэзентацыю ўнёс Г. Гулеўскі, які наладзіў для ўcix прысутных экспрэс-выставу на падлозе пакоя музея. Усе наведвальнікі яшчэ раз змаглі адчуць цеплыню i любоў, якімі прасякнуты работы фотамастакоў. Мы спадзяёмся, што гэтае знаёмства стане ступенькай да фарміравання мастацкага густу, зацікаўленнасці i беражлівых адносін да прыроды, да ўсяго жывога.
А. КАЗЛОВІЧ, старшыня Навагрудскага раённага аддзялення ГА АПБ.
(15.09.06.)Ведай нашых!
Прыемная навіна прыйшла з Чэмпіянату Свету на летняму біятлону. На гэты раз спаборніцтвы праводзіліся ў Расіі ў г. Уфа. Навагрудскія біятланісты выступалі ў змешанай эстафеце. Прозвішчы Аляксандра Усцінава і Таццяны Шынтар у чарговы раз сталі вядомы ўсяму свету. Яны - бронзавыя прызёры чэмпіянату!

[12.09.2006] У ГОНАР СОФ'І ГАЛЬШАНСКАЙ
9 верасня ў Навагрудку на базе гандлёва-эканамічнага каледжа адбыўся працяг міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Ягелоны: дынастыя, эпоха, спадчына", першая частка якой прайшла ў в. Гальшаны Ашмянскага раёна. Канферэнцыя арганізавана ў гонар 600-годдзя з дня нараджэння Соф'і Гальшанскай (Друцкай) - вядомай гістарычнай асобы, якая ў 1422 г. у Навагрудскім фарным касцёле ўзяла шлюб з польскім каралём Ягайлам. Менавіта гэта сямейная пара стала заснавальніцай знакамітай вялікакняжыцкай і каралеўскай дынастыі Ягелонаў.
У канферэнцыі прынялі ўдзел вучоныя-гісторыкі з Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы, якія прадставілі свае даклады на пленарным пасяджэнні. Высокай адзнакі ўдастоілася работа нашых землякоў, што ўнеслі свой важкі ўклад у захаванне гістарычнай спадчыны. Ад імя прэзідыума НАН РБ дырэктар Інстытута гісторыі НАН РБ А.А. Каваленя выказаў падзяку і ўручыў дыпломы з памятнымі падарункамі дырэктару гісторыка-краязнаўчага музея Т.Р. Вяршыцкай, дырэктару Дома-музея А. Міцкевіча М.П. Гайбе, заснавальніку народнага музея М.М. Карповічу і галоўнаму спецыялісту аддзела культуры райвыканкама В.У. Лаўрашчуку. Кацярына
ДАРАФЕЙЧЫК, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.

29 жніўня наш горад наведала творчая група тэлевізійнага канала ТVP-3 г. Беластока.
Супрацоўнікі польскага тэлебачання былі ў г. Навагрудку і раней. У снежні мінулага года яны здымалі фільм пра А. Міцкевіча. Гэта работа займала 40 хвілін эфірнага часу і называлася "Маладыя гады". Яе дэманстравалі на польскім канале ўжо некалькі разоў.
Мэтай прыезду тэлевізійных работнікаў на гэты раз стала жаданне больш дасканала пазнаёміцца з месцам, дзе доўгі час жыў пясняр польскага слова. Яны здзейснілі вандроўкі па гораду, пабывалі на Замчышчы, дэталёва пазнаёміліся з экспазіцыямі Дома-музея А. Міцкевіча.
У планах тэлевізійных майстроў зняць дваццаціхвілінны фільм пра Мір, а пазней і пра Аўгустоўскі канал. Праз такія фільмы-замалёўкі польскі народ будзе мець магчымасць пазнаёміцца з культурнымі і гістарычнымі месцамі Беларусі. А гэта будзе садзейнічаць узмацненню культурнага супрацоўніцтва.
К. МЯТЛІК.

Выканкам прыняў рашэнне "Аб ІV фестывалі сярэднявечнай культуры "Навагрудскі замак". Фестываль пройдзе 1-3 ліпеня ў Навагрудку. Такія фестывалі ў нас праводзяцца пастаянна. Ужо ёсць немалы вопыт. Створан аргкамітэт па арганізацыі і правядзенні фестывалю. Узначаліў яго старшыня райвыканкама А.К. Кулак. Фінансаванне фестывалю намечана са сродкаў, выдзеленых аддзелу культуры на правядзенне масавых мерапрыемстваў, і за кошт пазабюджэтных сродкаў.Чытаць: >>>ПРАГРАМА фестываля>>>


E-mail: gaiba@tut.by
Hosted by uCoz