Вы можете перевести эту страницу на другой язык:
Наваградская вуліца ў Вільнюсе
|
Дадзены фотарэпартаж падрыхтаваны М.В. Нікалаевым (г.Санкт-Пецярбург) спецыяльна для гэтага сайта.
Ёсць Наваградская вуліца ў Вільні, сапраўды ў гонар нашага гораду названая. Па літоўску яна называецца Naugarduko gatvia. Я па ёй прайшоў з фотаапаратам, каб для тых, хто ў Вільні па розных прычынах не быў, альбо быўшы на тую вуліцу не трапіў, расказаць дзе яна такая ёсць і як жыве.
Каб трапіць на Наваградскую трэба з самага цэнтру, ад віленскіх замкаў (адзін на Замкавай гары ў руіне, а другі – Ніжні – на цэнтральнай плошчы, за Кафедральным саборам нядаўна цалкам адноўлены) ісці па Вялікай вуліцы да Ратушы. Ад ратушы павярнуць направа, каб выйсці да старога гатычнага касцёла св.Мікалая. Ад св.Мікалая па вуліцы Лідскай дайсці да граніцы старога гораду. Замест знесенай у 19 стагоддзі старой гарадской сцяны тут цяпер вуліца Замкавая. Перасякаючыся з Замкавай, вузенькая Лідская заканчваецца, а на другі бок скрыжавання пачынаецца шырокая Наваградская.
Вуліца гэта Наваградская не толькі па назве, але і па характары. Яна вельмі крутая, і часта адзін дом на ёй, каб кампенсаваць круцізну, мае розную колькасць паверхаў. На ёй некалькі навучальных устаноў, шмат ходзіць моладзі, на ёй стаяць і дабротныя цагляныя дамы 19 стагоддзя, і драўляныя аднапавярховыя хаткі, тут багата “хрушчовак” сярэдзіны мінулага, 20 стагоддзя…
Дом № 1 не адразу пры пачатку вуліцы, не паралельна дому № 2, але за невялічкім скверыкам. У ім зараз піўная і кафэ “Кебаб” – гэта тое самае, што ў Маскве называецца “Шаурма”, у Варшаве – “Кебаб”, а ў Пецярбургу – “Шаверма”. Адразу на рагу Замкавай і Наваградскай стаіць дом № 2, дзе размешчана фірма “Sinerta” – яны запрыўляюць катрыджы. Фасад гэтага дому, што павернуты да Замкавай, фірма адрамантавала і пафарбавала, а вугал, што павернуты на Наваградскую, рамонту яшчэ толькі чакае. Тут жа поруч захавананы ад апошніх дзесяцігоддзяў савецкай улады “шалман” – будынак аднапавярховага кафэ-бара, без нумара дому, зараз закінуты.
Далей у гору па абодвух баках стаяць бізнэс-цэнтр і эканамічны факультэт віленскага каледжа. Яшчэ вышэй, у доме пад № 12 мы знайдзем піўбар «Шапэн». Канечне, гэта ўстанова не імя славутага польскага кампазітара, але імя багатага віленскага мясніка, які шмат зрабіў для роднага гораду і дасёння шануецца нашчадкамі. Насупраць піўбара, на рагу Венгерскай вуліцы і Наваградскай – дабротны цагляны дом з выставай кветак. Праз вуліцу ад піўбара “Шапэн” (праўда крыху ніжэй) – віленская прагімназія імя Сымона Даўканта.
На другім баку Наваградскай, насупраць прагімназіі імя Даўканта, прадстаўніцтва Летувы ў Еўропе, з еўрапейскім сцягам над уваходам. У гэтым жа доме цэнтар талерантнасці і габрэйскі музей. Тут жа недалёка тайскі рэстаранчык Rytai, што значыць “Ранішні” са львамі пры ўваходзе і свастыкай у арнаментах.
Наступнае скрыжаванне Наваградскай вуліцы – з вуліцай Міндоўга. Так, наваградскага князя, які жыў у нашым горадзе і каранаваўся тут каралеўскай каронай (праўда праз кароткі час ад тае кароны адмовіўся). У Вільні Міндоўга шануюць: ёсць вуліца яго імя, ёсць помнік Міндоўгу, ёсць мост Караля Міндоўга. На бясплатнай карце гораду, якую я атрымаў у гасцініцы, у вуглавым доме Наваградскай/Міндоўга пазначаны музей чорнай керамікі. Аднак калі я туды прыйшоў, аказалася, што музея няма, а ёсць офіс турфірмы Біг-Лімо-Трэвэл. Насупраць, на другім рагу Наваградскай і Міндоўга, у цагляным доме, пабудаваным у першай палове 20 стагоддзя размяшчаецца хімічны факультэт Віленскага універсітэта.
Далей, да перасячэння з вуліцай Швідрыгайлы цягнецца цагляная і драўляная забудова 1930-х гадоў. Пасля перасячэння з вуліцай Віценя сустракаецца забудова 20-га стагоддзя. Напачатку гэта “хрушчоўскія” цагляныя дамы (з саматужна зашклёнымі балконамі). Крыху далей – дамы блочныя, шэрыя, відаць свежыя малюнкі-графіці на сценах.
У гэтым раёне ёсць вялікае прадпрыемства электроннай прамысловасці, мяркуючы па тым, што з ім злучаны прыбудаваны побач факультэт электронікі Віленскага палітэхнічнага інстытута. Нядаўняя пабудова на Наваградскай вуліцы – аўтазапраўка вядомай расійскай фірмы (Лукойл). Тут жа ёсць і аўтасервіс.
Пад № 76 на Наваградскай вуліцы размяшчаецца дом польскай культуры, які складаецца з трохпавярховай гасцініцы і рэстарана «Пан Тадэвуш».
У холле польскага дому вісіць добрая копія з карціны Яна Матэйкі “Грунвальд 1410” з надпісам “Прадаецца”.
Вось бадай і ўсё пра Наваградскую вуліцу.
Некалі я думаў, што будзе працяг сюжэта пра вуліцы імя нашага гораду, бо ёсць вуліца Novogrodzka ў Варшаве, у самым цэнтры, недалёка чыгуначнага вакзалу. Аднак яна аказалася не “Наваградская”, а “Новая гарадская” ( па-польску вымаўляецца аднолькава).
Фота: Мікалай Нікалаеў
(с) Сайт "Гісторыя Навагрудка" - www.gaiba.narod.ru - ссылка на автора (Н.Николаев) или гипперссылка на страницу обязательна.
История Беларуси: первоисточники
Сайт любителям генеалогических изысканий
Беларуская электронная бібліятэка
Гісторыя г.Ліды і інш. http://pawet.net
Коллекция словарей и энциклопедий
***Архивы Республики Беларусь
|