Скрипты часиков
Апублікавана:
Мікалай Гайба. Што давала Навагрудку магдэбургскае права // "Звязда". 07 верасня 2011 года
№ 170 (27033)
Спасылка на артыкул у газеце "Звязда": http://zviazda.by/ru/archive/article.php?id=85505&idate=2011-09-07
Што давала Навагрудку магдэбургскае права?
Магдэбургскае права — гэта феадальнае гарадское права, якое склалася ў нямецкім горадзе Магдэбург у ХІІ-ХІІІ стагоддзях.
3 ХІV ст. магдэбургскае права распаўсюдзілася і на гарады ВКЛ, што азначала ўключэнне іх у агульнаеўрапейскі кантэкст эканамічнага і грамадскага жыцця.
Паводле грамат на магдэбургскае (па-старабеларуску майдэборскае, майтборскае) права, у горадзе ствараліся органы самакіравання, незалежныя ад ваяводаў і старастаў. Гарадское кіраванне ўзначальваў войт, прызначаны вялікім князем. Разам з ім дзейнічала гарадская рада. Дзейнасць рады ў фінансавай сферы кантралявалася выбарным органам з мужоў паспалітых, або прысяглых. Існаваў уласны судовы орган па крымінальных справах — лава, куды ўваходзілі лаўнікі пад старшынствам войта. Штодзённымі справамі займаліся бурмістры, якія па сканчэнні паўнамоцтваў рабілі справаздачу перад радай, а пазней — на агульным сходзе гараджан. Бурмістарскі суд, куды ўваходзілі бурмістры з радцамі, разглядаў грамадзянскія справы. Гарадская рада і лава разам складалі магістрат. У судовай практыцы магістратаў Беларусі разам з магдэбургскім выкарыстоўваліся нормы агульнадзяржаўнага права — Статутаў ВКЛ.
Статус жыхароў істотна павышаўся: яны рабіліся вольнымі, набывалі права на зямельную ўласнасць, вызваляліся амаль ад усіх феадальных павіннасцяў (нарыхтоўкі сена, выдзялення фурманак і інш.), якія неслі дагэтуль разам з сялянамі воласці, ад суда і ўлады дзяржаўных службовых асоб. Дазвалялася будаваць у горадзе ратушу, мець крамы, мануфактуры, загадваць вагамі і мерамі, будаваць млыны, лазні і г. д. Прадугледжваліся і пэўныя гандлёвыя льготы.
Магдэбургскае права мелі каля 60 гарадоў і мястэчак Беларусі. Навагрудку яно было дадзена 26 ліпеня 1511 года на брэсцкім сейме (сёння гэты прывілей знаходзіцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Літоўскай Рэспублікі ў Вільнюсе.).Тады горад лічыўся адным з асноўных у ВКЛ, з 1507 года стаў ваяводскім цэнтрам з добра развітымі рамёствамі.
Згодна з прывілеем, у Навагрудку ўсталёўвалася структура самакіравання, уводзіліся пасады войта, бурмістраў, радцаў і лаўнікаў. Гараджане вызваляліся ад вялікакняжацкай улады і падсуднасці, ім гарантаваліся эканамічная дзейнасць і ўласнасць.
Былі ў іх і пэўныя абавязкі. Плацілі падаткі, штогод давалі ў гарадскую казну 50 залатых, сярэбшчызну, плату з карчмы, рамеснай дзейнасці, лавак. Кожную суботу пастаўлялі ў замак мяса, пры неабходнасці давалі падводы, выстаўлялі ахову.
3 атрыманнем прывілея не спынілася ўздзеянне на горад дзяржаўнай улады. Многія акты вялікага князя павялічвалі ролю Навагрудка як эканамічнага цэнтра. Распараджэннямі вялікага князя мяшчане вызваляліся ад пэўных падаткаў, атрымлівалі дазвол на будаўніцтва прадпрыемстваў (напрыклад, цагельня, млын, васкабойня). 3 1597 года дазвалялася двойчы ў год праводзіць кірмашы.
Асновай жыцця Навагрудка ў ХVІ стагоддзі былі рамёствы (налічвалася да 30 відаў вытворчасці) і гандаль. Штотыднёва ладзіліся кірмашы. 3 горада вывозіліся воск, футры, некаторыя рамесныя вырабы, а гараджане атрымлівалі сукно, соль і іншае. На кірмаш прыязджалі купцы з Вільні, Віцебска, Магілёва і іншых месцаў. Праязджаючы праз горад, іншагароднія плацілі пошліну.
У другой палове ХVІІІ ст. многія беларускія гарады страцілі гэтае права. Аднак Навагрудку Канстытуцыя Варшаўскага сейма 1776 года яшчэ раз пацвердзіла магдэбургскае права, бо горад "ва ўсіх адносінах задавальняў справу вырашэння публічных судоў... І гэта патрэбна было для яго вартасці".
На Беларусі магдэбургскае права скасавана паводле ўказаў Кацярыны ІІ. У заходняй Беларусі — у снежні 1795 года.
Мікалай ГАЙБА,
дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку.
Мікалай Гайба. Было ў горада такое права (Магдэбургскае права г.Навагрудка)
|
Першыя публікацыі:
Мікалай Гайба. Было ў горада такое права // "Новае жыццё" (г.Навагрудак) - 22.07.1991.
Было ў горада такое права // У кн.: Гайба М.П. Навагрудак: гістарычны нарыс. Навагрудак, 1992. - С. 11-14
Мікалай Гайба. Было ў горада такое права // У кн.: Памяць : гістор.-дакум. хроніка Навагрудскага р-на – Мн.: Беларусь, 1996. С. 87-88
Пры выкарыстанні матэрыяла - спасылка абавязковая
__________________________
26 ліпеня 1511 года на брэсцкім сейме Навагрудку было дадзена Магдэбурскае права – права на самакіраванне.
Тады, у пачатку XVI стагоддзя, Наваградак лічыўся адным з асноўных гарадоў у Вялікім княстве Літоўскім, з 1507 года стаў ваяводскім цэнтрам з добра развітымі рамествамі. У 1503 і 1505 гадах наваградцам давялося вытрымаць спусташальныя набегі крымскіх татар, якія разграбілі горад.
Што ж давала Магдэбурская права гораду? Звернемся да дакумента. Як ён сведчыць, перш за усё уводзілася пасада войта, і вызначалася яму пенсія – трэці пенязь “от всех пересудов” і “корчму одну волную с платом нынешнему войту і по нем будучім…” Войту падпарадкоўваліся ўсе “мешчане по нашіх местцах мешкаючые”. Войт разам з бурмістрам і радцамі судзіў мяшчан, вырашаў справы адносна мер, наглядаў за тым, каб чужыя купцы, акрамя віленскіх, не прадавалі свамх тавараў у раздроб.
Непасрэднае кіраванее знаходзілася ў руках гарадской рады, якая складалася з шасці чалавек. З іх выбіраліся два бурмістры (праваслаўны і каталіцкі), якія ўзначальвалі раду. Рада кіравала гарадской паліцыяй, разглядала грамадзянскія справы, загадвала гарадской маёмасцю, сачыла за маральнасцю гармадзян. Гараджане вызваляліся ад вялікакняжацкай улады і падсуднасці. Ім гарантавалася эканамічная дзейнасць і ўласнасць. Былі у іх пэўнвя абавязкі. Плацілі падаткі. Кожны год даваліў гарадскую казну 50 залатых, сярэбшчызну, плату за карчмы, з рамеснай дзейнасці, з лавак. Кожную суботу пастаўлялі ў замак мяса, пры неабходнасці давалі падводы, выстаўлялі ахову.
З атрыманнем прывілея на магдэбурскае права не спынілася ўздзеянне на горад дзяржаўнай улады. Многія акты вялікага князя павялічвалі ролю Наваградка як эканамічнага цэнтра. Уладай яго мяшчане вызваляліся ад пэўных падаткаў, атрымлівалі дазвол на будаўніцтва прадпрыемстваў(напрыклад, цагельня, млын, васкабойня) з 1597 года дазвалялася два разы у год праводзіць кірмашы.
Асновай жыцця горада XVI стагоддзя былі рамёствы і гандаль.У той час тут налічвалася да 30 відаў рамеснай вытворчасці. Кожны тыдзень праводзіліся базары. З Наваградка вывозіліся воск, футры, некоторыя рамесныя вырабы. Атрымліваў ён сукно, соль і інш. На базар прыязджалі купцы з Вільні, Віцебска, Магілёва і іншых месцаў.Пры праездзе праз горад іншагароднія плацілі пошліну. Даволі значная частка гараджан мела свае агароды, гадавала хатнюю жывёлу, займалася ворным земляробствам. К канцу стагоддзя насельніцтва горада складалася з розных груп:мяшчан места, замка, панскіх і духоўных, духавенства, баяр. Асобна дакументы выдзяляюць яўрэяў. Яны не падлягялі магдэбургскаму праву, былі абкладзены асобным падаткам і жылі за горадам.
Такім выглядала эканамічнае жыццё Наваградка ў XVI стагоддзі згодна магдэбургскага права. Пазней вярхоўная ўлада пацвярджала яго некалькі разоў. 22 студзеня 1562 года прывілей быў пацверджаны без усялякіх змен. Прывілеем Сігізмунда III ў 1595 годзе гораду быў нададзены герб: у чырвоным полі архангел Міхаіл, які трымае ў правай руцэ меч, а ў левай – вагі.
Канстытуцыя Варшаўскага сейма 1776 года яшчэ раз пацвердзіла Наваградку магдэбургскае права, бо горад “ва ўсіх адносінах задавальняў справу вырашэння публічных судоў… І гэта патрэбна было для яго вартасці”.
Праіснавала самакіраванне горада да 1795 года – часу ўваходжання Навагрудчыны ў склад Расійскай імперыі. У гэтым годзе расійская імператрыца Кацярына II сваім указам адмяніла магдэбургскае права на ўсіх далучаных тэрыторыях.
За гэты перыяд(1511-1795 г.г.) гораду ізноў давялося вытрымаць некалькі ваенных паходаў суседніх дзяржаў.
У 1535 годзе ён быў часова заняты рускімі войскамі. Моцна пацярпеў Наваградак і ў час вайны 1654 – 1667 гадоў, калі яго двойчы захоплівалі атрады рускіх князёў. У верасні 1655 года ён быў узяты штурмам войскам князя А. Н. Трубяцкога, пры гэтым згарэла большая частка горада, быў разбураны замак. У лютым 1660 года горадам авалодалі рускія на чале з А. Хаванскім, які пасяліў тут шляхту з наваколля і прымусіў жыхароў прыняць прысягу рускаму цару Аляксею Міхайлавічу. У выніку гэтай вайны Наваградак панёс вялікія матэрыяльныя страты і сейм Рэчы Паспалітай у 1661 годзе, улічваючы бядотнае становішча насельніцтва, вызваліў горад ад усіх павіннасцей тэрмінам на 4 гады.
У 1706 годзе ў часе Паўночнай вайны ў горад ўвайшлі шведскія войскі, якія разрабавалі наваколле і ўзарвалі рэшткі замка. Да ваенных дзеянняў дабавілася эпідэмія 1708 года, пасля якой у горадзе засталося палова жыхароў.
Гарадскія хронікі адзначылі і некалькі буйных пажараў, калі гарэла значная частка горада. І гэта не дзіўна, бо на тыя часы практычна ўсе жылыя дамы былі драўлянымі. Такія пажары адзначаны ў 1613 і 1652 гадах. Але найбольш вялікім быў пажар 8 мая 1751 года, калі згарэлі 167 дамоў, ратуша, крамы, канцылярыя ваяводы і 4 касцёлы.
История Беларуси: первоисточники
Сайт любителям генеалогических изысканий
Беларуская электронная бібліятэка
Гісторыя г.Ліды і інш. http://pawet.net
Коллекция словарей и энциклопедий
***Архивы Республики Беларусь
|