ГАЛОЎНАЯ |
ФОТО Новогрудка |
План Навагрудка |
НАВІНЫ раёна | ВІДЭА | Аўтар сайта |
Gaiba и мир |
Мае артыкулы |
Артыкул М.Гайба "Ад настаўніка да акадэміка" апублікаваны ў газеце "Новае жыццё" (г.Навагрудак) - 27.03.2010 г.
Акадэмік Касцюк Міхаіл Паўлавіч
Сярод людзей, унесеных у “Кнігу славы Навагрудскага раёна” ёсць імя Касццюка Міхаіла Паўлавіча – доктара гістарычных навук, прафесара, акадэміка. 26 сакавіка 2010 г. яму споўнілася 70 гадоў з дня нараджэння. Сёння ён жыве і працуе ў Мінску. Там жа, у сталіцы, жывуць і працуюць яго сыны, гадуюцца ўнукі. Жыццёвы шлях сённяшняга акадэміка пачынаўся на роднай яму Навагрудчыне.
Нарадзіўся Міхаіл Паўлавіч Касцюк 26 сакавіка 1940 года ў в. Масцішча. Маці, Марыя Дзімітраўна (дзявочае: Зайко) родам з в. Галковічы, бацька, Павел Іосіфавіч, ураджэнец в. Масцішчы, “за польскім часам” працаваў настаўнікам. У пасляваенны час, на які прыйшліся школьныя гады Міхаіла Касцюка, у сям’і гадаваліся трое дзяцей. І жылі яны, як і практычна ўсе ў той час, з уласнай гаспадаркі. Сям’я мела 4 гектары ворнай зямлі, сенажаць, карову, каня, іншую хатнюю жывёлу. З утварэннем у вёсцы ў 1949 г. калгаса “Радзіма”, гаспадарку абагулілі. Бацьку прызначылі калгасным брыгадзірам, маці працавала ў паляводстве.
Пачатковую адукацыю будучы акадэмік атрымаў у мясцовай школе, якая месцілася ў некалькіх вясковых хатах. Прага да вучобы была, і далейшую адукацыю ён атрымліваў ужо ў Рэцямлянскай няпоўнай сярэдняй школе, у якую дабіраўся, пераважна пехатою, за за 4 км. ад роднай вёскі. Што вучоба падабалася і ішла добра сведчаць і атрыманыя тады пахвальныя граматы па выніках года. Жаданне сына працягваць вучобу падтрымлівалі і бацькі.
Паспяховае заканчэнне школы дало Міхаілу Касцюку магчымасць паступіць у 1954 г. на вучобу ў Навагрудскае педагагічнае вучылішча, якое размяшчалася ў той час ў будынку сучаснай гімназіі №2. Сёння там працуе і школьны музей, дзе некалькі матэрыялаў адведзена і біяграфіі М.Касцюка. Міхаіл Паўлавіч ўзгадвае прозвішча дырэктара педвучылішча Кавалёвай, выкладчыкаў Бажко, Кукаловіч, Кашчэева. Адзначае, што жыццё навучэнцаў было цікавым, начысаным рознабаковымі падзеямі.
Пасля заканчэння ў 1958 г. вучылішча Міхаіла Касцюка, як настаўніка пачатковых класаў накіравалі працаваць у в.Кемяне Шчучынскага раёна. Аднак восенню таго ж года ён ужо стаў студэнтам гісторыка-філалагічнага факультэта Гродзенская дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. Спачатку не было стыпендыі, давялося шукаць падпрацоўку - некалькі летніх канікулаў працаваў па дзве змены ў піянерскім лагеры інструктарам па фізвыхаванні. Пазней за поспехі ў вучобе стаў атрымліваць павышаную стыпендыю, а часам і імянную - імя Я.Купалы. Як вынік стараннай вучобы, інстытут М.П.Касцюк закончыў, атрымаўшы дыплом з адзнакай. Заўважым, што сёння ён, як шматгадовы старшыня Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі, сам падпісвае дыпломы студэнтам.
У студэнцкія часы Міхаіл Касцюк атрымаў першыя азы навуковай працы, актыўна ўдзельнічаючы ў рабоце студэнцкага навуковага гуртка. На 5-м курсе прыняў удзел у сваёй першай навуковай сесіі, якая праводзілася ў г.п.Свіслач з нагоды 100-годдзя паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, дзе выступіў з дакладам “Удзел сялян Слонімскага павета ў паўстанні 1863 года”. Гэтая навуковая праца пазней удзельнічала ў конкурсах у Мінску і Маскве і атрымала грамату. Усё гэта сфарміравала ўнутраную зацікаўленасць М.П.Касцюка да навукова-даследчай дзейнасці і прадвызначыла яго далейшы жыццёвы накірунак.
Аднак да сталай навуковай працы прыступіў не адразу. Пасля заканчэння ў 1963 г. універсітэта вярнуўся на Навагрудчыну і ў свае 23 гады быў прызначаны на пасаду дырэктара Касадворскай няпоўнай сярэдняй школы, якая размяшчалася ў в.Баярская. Набыў пэўны адміністрацыйны і гаспадарчы вопыт працы. Праз паўтары гады быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. Служыў у г.Мінску. Пасля заканчэння тэрміновай ваеннай службы пераехаў у Гродна, дзе працаваў вызваленым сакратаром камсамольскай арганізацыі Гродзенскага педінстытута. Праз год паступіў у аспірантуру Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР, дзе жаданне Міхаіла Касцюка займацца навуковымі даследаваннямі пачало ўвасабляцца ў жыццё.
Аспірантуру закончыў у 1969 г., абараніўшы кандыдацкую дысертацыю. З гэтага часу практычна ўся працоўная дзейнасць Міхаіла Паўлавіча Касцюка звязана з Інстытутам гісторы Нацыянальнай акадэміі навук. Тут ён працаваў на пасадах малодшага, старшага навуковага супрацоўніка, вучоным сакратаром. У 1975-1981 гг. быў вучоным сакратаром Інстытута гісторыі партыі. У 1980 г. абараніў доктарскую дысертацыю. У 1981 г. вярнуўся ў Акадэмію навук намеснікам дырэктара па навуковай працы Інстытута гісторыі. У 1988-1999 гг. працаваў на пасадзе дырэктара гэтага інстытута.
Дырэктарская праца М.П.Касцюка выпала на першае дзесяцігоддзе з часу набыцця Беларуссю суверэнітэта і станаўлення новай беларускай дзяржаўнасці. Час патрабаваў ад гісторыкаў больш глыбокага і ўсебаковага аналізу нашай мінуўшчыны, неабходнасці напісання абагульняючых прац па гісторыі краіны. Пад кіраўніцтвам М.П.Касцюка, як галоўнага рэдактара, у 1994-1995 гг. выйшлі ў свет “Нарысы па гісторыі Беларусі” у 2-х частках, быў выдадзены 1-шы том шасцітомнай “Гісторыі Беларусі”.
Сферай навуковых інтарэсаў акадэміка М.П.Касцюка з’яўляюцца, у асноўным, праблемы гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя: гісторыя сялянства, рабочага класу, нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва, развіцця культуры і грамадска-палітычных адносін і інш. Ён аўтар 3 манаграфій і звыш 250 навуковых і навукова-папулярных прац, у тым ліку апублікаваных у шэрагу калектыўных шматтомных выданняў. Як навуковы кіраўнік падрыхтаваў 19 кандыдытаў і 2-х дактароў гістарычных навук.
Дзейнасць нашага земляка як вучонага і арганізатара навукі знайшла шырокае прызнанне як у нашай краіне, так і за мяжой. У 1987 г. яму прысвоена званне прафесара, у 1989 г. быў выбраны членам-карэспандэнтам, а ў 1996 г. акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Варта заўважыць, што за пасляваенны час у беларускай акадэміі навук было выбрана толькі 4 акадэмікі па спецыяльнасці “гісторыя”. Акрамя гэтага М.П.Касцюк з’яўляеца акадэмікам Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі, дзе аб’яднаны многія вучоныя краін былога СССР, Еўропы і Азіі, а таксама акадэмікам Цэнтральнай Еўрапейскай Акадэміі навук і мастацтва, дзе ад нашай краіны ўключаны толькі два беларускія акадэмікі. Па рашэнню Міжнароднага навуковага савета Амерыканскага біяграфічнага інстытута, а таксама Кембрыджскага ўніверсітэта пяць разоў выбіраўся “Чалавекам года” (1999, 2002, 20056, 2006, 2007). Доўгі час з’яўляецца намеснікам старшыні Беларускага камітэту міру.
М.П.Касцюк узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1981 г.), з’яўляецца лаўрэатам прэміі Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі імя акадэміка В.А.Капцюга (2003 г.).
Важна адзначыць, што Міхаіл Паўлавіч ніколі не траціў сувязі са сваёй малой радзімай – Навагрудчынай. Тут жывуць яго сваякі, якіх ён перыядычна адведвае. У розных выданнях публікуе артыкулы па гісторыі нашага краю, удзельнічае ў арганізацыі і правядзенні навуковых канферэнцый і іншых акцыях, што адбываюцца ў Навагрудку. У гэтай справе цесна і зацікаўлена супрацоўнічае з Навагрудскім райвыканкамам, з нашымі навагрудскімі музеямі. М.П.Касцюк з’яўляецца галоўным рэдактарам выдадзенай у 1996 г. кнігі “Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна”. Шмат артыкулаў для гэтай кнігі былі спецыяльна напісаны вучонымі Інстытута гісторыі, што ставіць гэтае выданне ў шэраг лепшых кніг гэтай серыі.
Дзейнасць М.П.Касцюка высока ацэнена і на радзіме – у 2008 г. яго імя ўпісана ў “Кнігу славы Навагрудскага раёна”. Сёння Міхаіл Паўлавіч працягвае працаваць у Інстытуце гісторыі на пасадзе галоўнага навуковага супрацоўніка. Пажадаем яму новых навуковых пошукаў і дасягненняў, здароўя і заўсёднага аптымізму на доўгія гады.
М.Гайба,
дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча.
P.S. 1. У 2010 г. (ужо пасля апублікавання гэтага артыкула) М.П.Касцюку прысвоена званне "Ганаровы грамадзянін г.Навагрудка". Таксама ён быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
2. М.П.Касцюк быў маім навуковым кіраўніком у час вучобы ў аспірантуры Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі (1993-1997 гг.)
На фота: М.П.Касцюк і М.П.Гайба (2010 г.)
Карысныя спасылкі
Сайт любителям генеалогических изысканий
Беларуская электронная бібліятэка
Коллекция словарей и энциклопедий -