-Вы можете перевести эту страницу на другие языки
| ГАЙБА - ЯК МНОГА Ў ГЭТЫМ ПРОЗВІШЧЫ |
Апублікавана:
"Гайба - як многа ў гэтым прозвішчы" // Звязда, 2008. – 30.01.
Арыгінал артыкула ТУТ >>> газета "Звязда"
(Вариант статьи на русском языке (с фотографиями) здесь>>> "ГАЙБА И МИР")
Беларус Гайба знайшоў магчымыя каранi свайго прозвiшча ў Iталii, Славенii i нават у Iндыi
Дырэктар Дома-музея Адама Мiцкевiча ў Навагрудку, даўнi чытач "Звязды" Мiкалай Гайба можа гадзiнамi распавядаць пра жыццёвы шлях славутага паэта i родную Навагрудчыну, гiсторыi i культуры якой ён прысвяцiў шмат даследчыцкай i лiтаратурнай працы. А некалькi гадоў таму заняўся яшчэ i сваёй радаслоўнай. I высветлiў, што прозвiшча Гайба, акрамя сваякоў Мiкалая Паўлавiча, чатырох сем’яў, у Беларусi не сустракаецца. Мо, людзей з такiм прозвiшчам i ў свеце больш нiдзе няма?
Каб знайсцi адказ на гэта пытанне, Мiкалай Гайба звярнуўся да паслуг сусветнай павуцiны i атрымаў даволi падрабязную i ў пэўнай меры нечаканую iнфармацыю. Аказалася, што яго цёзкi па прозвiшчы — вядомыя людзi ў шэрагу краiн. Больш за тое, Гайба — гэта i гарады, i правiнцыi, i розныя ўстановы, арганiзацыi, ёсць нават такi тэрмiн у iсламе.
— Як многа ў гэтым прозвiшчы! Але як жа гэта суадносiцца з вашай радаслоўнай? — пацiкавiўся ў Мiкалая Паўлавiча карэспандэнт "Звязды".
— Пакуль адназначна не скажаш, але iнфармацыя i сапраўды цiкавая. Пачнём з... Iндыi. У яе паўночна-ўсходняй частцы, у штаце Orisso размешчаны горад Гайба (Gaiba) — прыкладна за 55 кiламетраў ад Бенгальскага залiва i за 80 км ад больш буйнога горада Брахмапур.
Горад Гайба (назва паходзiць ад слова Gaybo — рэчышча ракi, паток вады) ёсць i ў паўднёва-ўсходняй частцы Iталii. Непадалёк — больш вядомая Верона, за 50 км — Балонья i за 55 км — Адрыятычнае мора. Гайба — горад старажытны. У 1990-х гадах нямецкiя археолагi побач з iм раскапалi старажытнарымскi гатэль I стагоддзя нашай эры. Былi выяўлены сталовы сервiз, кулiнарная керамiка, шкляныя пасудзiны, а таксама жаночае пахаванне племенi остготаў. Першае ўпамiнанне аб горадзе адносiцца да 1158 года i звязана з манастыром Святога Ларэнцiя. А сёння Гайба — невялiкi гарадок з насельнiцтвам 1100 чалавек, цэнтр камуны ў акрузе Rovigo правiнцыi Veneto. За 25—30 км ад Гайбы знаходзяцца сугучныя з iм гарады Гайбанела i Гайбана.
Ёсць у Iталii i мае цёзкi па прозвiшчы, у сувязi з чым я звярнуўся на адзiн расiйска-iтальянскi сайт. Мне адказалi, што прозвiшча Гайба, верагодна, паходзiць ад дыялектнага альбо ўстарэлага варыянту слова "caiba" — у сучаснай iтальянскай мове "gabbia", што значыць "клетка", устройства для ўтрымання жывёлы. Прынамсi, так трактуе адзiн з аўтарытэтных слоўнiкаў iтальянскай мовы.
Ведаю я цяпер i пра Гайбы — арганiзацыi. У суседняй з Iталiяй краiне — Славенii ёсць тэлевiзiйны канал "GAJBA — TV" пазнавальна-забаўляльнай накiраванасцi. У Германii, у горадзе Ульм працуе аўтамабiльная фiрма "GEIBA — Automobile". А ў Паўднёвай Амерыцы, у цэнтры Парагвая ля прытока Лiмы чакае гасцей гатэль "Casa de Gaiba". Як сказана ў даведнiку, гэта тыповы для дадзенай мясцовасцi каменны домiк з крэсламi вакол вялiкага камiна i абедзеннага стала з драўнiны.
Перанясёмся ў Балiвiю. Там, у дэпартаменце Сальвадор, знаходзiцца вiла Vallarta, дзе ёсць Gaiba — рэстаран з традыцыйнай мясцовай кухняй i барам. А ў дэпартаменце Санта-Крус ёсць кантон La Gaiba з аднайменнай лагунай. У гэтым рэгiёне здабываюць аметыст i iншыя карысныя выкапнi, а таксама развiваюць турызм.
I, нарэшце, у цэнтры Паўднёвай Амерыкi размешчана невялiкае возера Гайба (Gaiba), дзе ў 1543 годзе падарожнiчаў iспанскi канкiстадор Кабеза дэ Вака.
Ёсць такi тэрмiн, гайба, i ў iсламе. Цытата са слоўнiка: "Гайба — "Адсутнасць" — тэрмiн шыiцкай дагматыкi, якi азначае "скрыты стан" iмама. Шыiты здаўна не хацелi верыць у смерць сваiх iмамаў. У 873 годзе апошнi, 12-ы, iмам Мухамад, яшчэ маленькi хлопчык, не вярнуўся з прагулкi, "знiкнуў". Лiчыцца, што ён не памёр, а хаваецца, ажыццяўляючы сувязь з абшчынамi праз духоўных аўтарытэтаў. Iншымi словамi, "гайба" (gayba) — гэта перыяд чакання вяртання 12-га iмама, якi працягваецца i дагэтуль".
— А дзе ж пражываюць вашы цёзкi па прозвiшчы?
— На старонкi Iнтэрнэта трапiла шмат людзей з прозвiшчам Гайба (Gaiba). Многiя з iх — з Iталii. Гэта, напрыклад, пiлот Формулы-1 Марыа Гайба, выкладчык унiверсiтэта ў Балоньi Наталi Гайба, удзельнiк мiжнародных шашачных турнiраў Паола Гайба. У Венгрыi — прызёр чэмпiянату свету i Алiмпiйскiх гульняў па веславаннi на байдарках i каноэ Антал Гайба. У ЗША — баксёр (152 кг) Браун Гайба. У Чыкагскiм унiверсiтэце працуе Франчэска Гайба, аўтар кнiгi "Паходжанне сiнхроннага перакладу. Нюрнбергскi працэс". А яшчэ адзiн лiтаратар-даследчык I. Гайба (Geiba) прысвяцiў сваю кнiгу праблемам працы i навакольнага асяроддзя. У Латвii Янiс Гайба быў народным дэпутатам СССР (1989—1991), Вальдэмарс Гайба — спартсмен, удзельнiк мiжнародных рэгат, Iнта Гайба — прэзiдэнт аб’яднання "Еўрапейскiя ўнiверсiтэты". Увогуле гэта прозвiшча носiць шмат, спадзяюся, добрых людзей.
— Так i напрошваецца крылаты лозунг у некалькi iншым варыянце: "Гайбы ўсiх краiн, яднайцеся!" Але вернемся ў Беларусь. Што ведаеце пра сваiх продкаў?
— Мае продкi вядомы на Навагрудчыне, прынамсi, з сярэдзiны ХVIII стагоддзя. У "Кнiзе запiсаў прыхаджан Поўберагскай царквы" за 1796 год у маёй роднай вёсцы Вялiкiя Вераб’евiчы было дзве сям’i з такiм прозвiшчам, у суседнiм Поўберагу — тры. Iмёны ў iх — Андрэй, Мар’я, Алена i iншыя. Падчас Першай сусветнай вайны брат майго дзеда быў прызваны на фронт, а пасля вайны застаўся ў Расii, верагодна, на Урале. Мажлiва, недзе жывуць i яго нашчадкi з прозвiшчам Гайба.
Вось такая, коратка, гiсторыя Гайбы, ва ўсiх значэннях.
— Гайба i Беларусь, Iндыя, Iталiя, Славенiя... Цi магчыма тут нейкая ўзаемасувязь?
— Выкажу, магчыма, фантастычную версiю. Жылi ў старажытнай Iндыi людзi, заснавалi горад Гайба, паколькi так называлася адно з мясцовых плямёнаў. Потым у I стагоддзi н.э. альбо нават раней частка жыхароў перабралася з Iндыi ў паўночную Iталiю, дзе яны таксама заснавалi горад Гайба. А пазней рассялiлiся i ў суседняй Славенii (назвы, як разумееце, даю сучасныя). Спачатку ўсе яны былi iндаеўрапейцамi, з якiх i з’явiлiся славянскiя плямёны. Племя славенаў, паводле гiстарычных даследаванняў, прыйшло ў VI—VII стагоддзях на Беларусь (былi таксама iльменскiя славены каля Пскова), але потым было вымушана вярнуцца назад. Аднак хтосьцi ж са славенаў, з роду Гайбы, застаўся на беларускiх землях! Вось так i з’явiлiся Гайбы на Беларусi.
...Не выключана, што ў будучым Мiкалай Паўлавiч пабывае ў Парагваi i гаспадар гатэля "Casa de Gaiba", убачыўшы прозвiшча ў пашпарце беларуса, не возьме з яго грошай за пражыванне. А ў балiвiйскiм рэстаране "Gaiba" таксама бясплатна азнаёмяць госця з далёкага Навагрудка са сваёй нацыянальнай кухняй. Хоць i не iмкнуўся Мiкалай Гайба да нейкiх выгодаў у сваiм Iнтэрнэт-"падарожжы".
Барыс ПРАКОПЧЫК
Baaza.ru - Каталог сайтов и баз данных. История
|
Novogrudok. 2004-2012. © Все права защищены.
