Навагрудак і яго жыхары вачыма польскіх аўтараў першай трэці ХХ ст.
Публікацыя: Мікалай Гайба. Наваградак і ягоныя жыхары ў польскай краязнаўчай літаратуры першай трэці 20 ст. //Гістарычны Альманах (г.Гродна). Том 1 / 1998. Пры выкарыстанні - спасылка абавязковая.
Наваградак - адзін з самых старажытных беларускіх гарадоў. Ён узнік і сфарміраваўся на зямлі, якая стала радзімай некалькіх народаў. Лёс горада вызначаўся палітычнымі ўплывамі розных дзяржаўных утварэнняў, у склад якіх ён уваходзіў. Так, на пачатку 20 ст. Наваградак быў павятовым горадам Расійскай імперыі, а пазней ужо з''яўляўся цэнтрам ваяводства ў міжваеннай Польшчы.
Аб''ектам аналізу ў дадзеным артыкуле з''яўляецца адлюстраванне нацыянальнага жыцця і грамадска-палітычнай дзейнасці наваградчан, якое пакінула нам польская краязнаўчая літаратура першай трэці 20 ст.
На мяжы 19-20 ст. Наваградак быў звычайным беларускім павятовым горадам. Згодна перапісу 1897 г. у ім жыло 7 887 жыхароў. Сярод іх, як вызначыў перапіс, беларусы (па мове) складалі каля 21%, яўрэі - каля 63%, рускія, палякі, татары - прыкладна па 5%.
Польскія аўтары, зразумела, найперш звярталі ўвагу на праявы ў Наваградку польскага жыцця [1], на яго тагачасны стан у параўнанні з мінулымі часамі. Адна з варшаўскіх падарожніц, якая наведала Наваградак у 1906 г., убачыла яго занядбаным і пустым. У сваіх падарожных запісках яна са шкадаваннем адзначыла, што "аб яго былой славе нічога не нагадвае, акрамя замкавых руін і былога доміка Міцкевічаў". Дом гэты, аднак, быў не толькі гістарычным помнікам, але і месцам, вакол якога групавалася польская грамадскасць. Адсюль, па словах А.Снежкі, "прамяніліся ідэалы польскага духу" [2].
Яшчэ адной праявай польскага, ці, лепш сказаць, польскамоўнага жыцця на пачатку 20 ст. быў касцел св. Міхала (былы дамініканскі). Фарны касцёл ужо некалькі дзесяцігоддзяў стаяў зачыненым з-за дрэннага стану. Эдвард Паўловіч, які зведаў касцёл, у 1904 г. пісаў, што гэта адзіны ў Наваградку помнік не толькі наваградчанам, але і ўсяму польскаму грамадству, з якім многія сем''і наваградчан звязаны, калі не крывёю, то духам. На яго думку, ужо адзін толькі помнік удзельніку хоцімскай бітвы Рудаміну Дусяцкаму заслугоўвае, каб быў адноўлены ўвесь касцёл" [3]. У сувязі з адкрыццём у Львове помніка Адаму Міцкевічу той жа аўтар выказаў надзею, што жыхары Наваградка "будуць вартымі слаўных продкаў", і навіна пра адкрыццё помніка Адаму Міцкевічу будзе спрыяць актывізацыі польскага грамадска-культурнага жыцця ў горадзе [4].
У 20-30-я гады, калі Наваградак уваходзіў у склад Польшчы, з''явілася велізарная колькасць краязнаўчых прац, у якіх апісвалася гістарычнае развіццё Наваградчыны і яе культурна-этнічныя асаблівасці. Наваградчане ў гэтых публікацыях звычайна паказваліся са станоўчага боку, адзначалася багацце гістарычных традыцый і прыгажосць прыроды края. У адным з даведнікаў можна было прачытаць: "Наваградская зямля, далёкая і забытая, паліта крывёю польскіх герояў. <...>Край Міцкевіча напоўнены засценкамі і сядзібамі, якія размешчаны сярод лугоў і пагоркаў, і абмыты сонечнымі промнямі" [5].
Многія аўтары падкрэслівалі талерантнасць наваградчан падчас бурлівых падзей рэвалюцыі 1905-1907 гг. Яны адзначалі, што "мясцовы люд не чыніў тут дзікіх эксцэсаў, не пайшоў нішчыць сядзібы, не паддаўся заклікам да класавай, нацыянальнай і рэлігійнай барацьбы". Тлумачылася гэта, на іх думку, "уплывамі адвечнай польскай культуры" [6].
У літаратуры тых жа 30-х гадоў мы знаходзім і апісанне падзей першай святовай вайны. Увага звычайна акцэнтавалася на адноснай талерантнасці нямецкай улады, якая сістэматычна нішчыла сядзібы, праводзіла рэквізіцыі і накладвала вялікія падаткі, але ўсё ж не перашкаджала "жменьцы палякаў, што тут засталіся" адкрываць свае школы і нават весці грамадскую дзейнасць [7].
У краязнаўчай літаратуры таго часу Наваградчына трактавалася як частка спрадвечнай польскай дзяржавы. Зусім не прымалася пад увагу, што на пачатку 20 ст. свае правы на дзяржаўнасць заявіў і беларускі народ. Мы нідзе не знойдзем згадкі пра абвяшчэнне на этнічна беларускіх землях БНР, а пазней - БССР. Хаця гэта зразумела, бо беларуская зямля была падзелена паміж Польшчай і савецкай Расіяй. Практычна ўсе канцэпцыі, якія закраналі праблему межаў Польшчы ўключалі ў яе склад і частку тэрыторыі, населенай беларусамі. Па меньшай меры, такую яе частку, якую ў хуткім часе разлічвалі спаланізаваць. У асяроддзі польскіх землеўласнікаў (і не толькі іх) бытавала думка, што ўсё беларускае трэба захаваць толькі ў якасці фальклору [8].
Як жа характарызаваліся беларусы Наваградскага краю ў краязнаўчай літаратуры? У прыватнасці, адзначалася пэўная навізна тэрміна "беларусы". "Люд, які жыве на Наваградчыне, - пісаў адзін з даследчыкаў, - прынята называць беларускім. Але такая назва паўстала не так даўно. Раней гэта была Літва або Чорная Русь. І нават цяпер сярод старых людзей жыве прымаўка: "То што ж ты хочаш - гэта ж Чорная Русь" [9]. Другі аўтар адзначаў, што пад уздзеяннем агітацыі беларускіх дзеячаў і ўплываў, што ішлі з Савецкай Беларусі палітычная свядомасць сярод беларусаў Наваградчыны ўзрасла. "Але, наогул, беларускі народ, - працягваў ён думку, - мала здольны да арганізацыйнай працы, недаверлівы, абыякавы да нацыянальна-палітычных лозунгаў. Ён больш падатлівы на заклікі сацыяльнага радыкалізму, не жадае польскай улады і сімпатызуе бальшавікам" [10].
Сімпатыі беларусаў да бальшавізму адзначаліся і іншымі аўтарамі. Так, адзін з іх паведаміў, што "рускія наваградчане (напэўна, меліся на ўвазе беларусы - М.Г.) і яўрэі віталі ўваход у горад Чырвонай Арміі ў 1918" [11].
Польска-беларускія адносіны закрануў у сваіх мемуарах Зыгмунт Бечковіч, наваградскі ваявода ў 1926-1931 гг. [12] Ён адзначыў напружанасць гэтых узаемаадносін. Прычыну былы ваявода бачыў у дзейнасці Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, якая знаходзілася пад уплывам камуністаў, і ў "неразумных дзеяннях" яго папярэдніка, ваяводы Янушайціса. Незадавальненне беларусаў, па яго словах, выклікала і ваеннае асадніцтва, пад якое адводзіліся лепшыя землі. Сам З.Бечковіч, калі стаў ваяводам, спрабаваў перавесці беларуска-польскія адносіны на пазіцыі супрацоўніцтва, імкнуўся далучыць беларусаў да дзяржаўнага жыцця як грамадзян польскай дзяржавы. З.Бечковіч успамінаў пра свае спробы прыцягнуць памешчыкаў і асаднікаў да супрацоўніцтва з беларусамі ў гаспадарчым жыцці.
Былы ваявода спыніўся і на адносінах да польскай улады яўрэйскага і татарскага народаў. Па яго словах, гэтыя адносіны не насілі канфліктнага характару. Яўрэі ў Наваградку складалі амаль палову ўсіх яго жыхароў. Яны былі купцамі, адвакатамі, лекарамі, настаўнікамі. Яўрэі мелі сінагогу, школы, бібліятэку, шпіталь, прытулак для састарэлых, нават спартыўную каманду. 3 сярэдзіны 1930-х гадоў яны выдавалі дзве газеты "Наваградскае жыццё" і "Наваградскі тыдзень". Татараў у Наваградку налічвалася каля 400 чалавек. Значная іх частка займалася агародніцтвам, апрацоўкай скур, працавала ў розных установах. Для сваіх духоўных патрэб татары мелі мячэць, рэлігійную школу, Народны дом. У паўсядзённым жыцці яны карысталіся пераважна беларускай мовай.
Варта заўважыць, што ў 30-я гады звесткі пра беларусаў Наваградчыны практычна знікаюць са старонак краязнаўчай літаратуры.
На заканчэнне трэба адзначыць, што на пачатку 20 ст. у польскай краязнаўчай літаратуры, прысвечанай Наваградчыне, галоўная ўвага надавалася праявам жыцця польскай грамадскасці. У публікацыях 20-х гадоў польскія аўтары пачалі звяртаць увагу на беларусаў і іншыя народы краю. Але ў сваіх падыходах да праблем грамадска-палітычнага і культурнага жыцця Наваградскага краю ўсе яны зыходзілі з пераканання, што гэты край з''яўляецца неад''емнай часткай польскай дзяржавы.
Сайт любителям генеалогических изысканий Беларуская электронная бібліятэка
Коллекция словарей и энциклопедий -
E-mail: gaiba@tut.by |