Публікацыі: М.Гайба. Старэйшая вёска раёна
"Новае жыццё" (Навагрудскі р-н), 31.10.2001
М.Гайба. Піцейны дом і тры млыны
Краязнаўчая газета (г.Гродна). 2001. - №11.
Вёска АСТАШЫНА Навагрудскага раёна
Вёска Асташына з’яўляецца найстарэйшай вёскай Навагрудскага раёна. Упершыню згадваецца яна ў дакументах
у 1401 годзе, як двор Наваградскай зямлі, які належаў вялікаму князю Вітаўту
і быў пажалаваны ім свайму брату Сігізмунду. У сваёй жалаванай грамаце 1428
года Вітаўт перадаваў Асташына ў пажыццёвае ўладанне (пасля сваёй смерці)
жонцы Юльяне. Пазней Асташынам валодалі іншыя, не менш вядомыя ў беларускай
гісторыі асобы, такія, як князі Чартарыйскія, Саламярэцкія, Ян Кішака. З
пачатку 17 ст. гаспадарамі Асташына на працягу амаль двухсот гадоў былі
Радзівілы.
Нядрэнны выглядала вёска сярод іншых вёсак Наваградчыны і ў другой палове 19
ст. – яна была цэнтрам сельскай грамады, тут налічвалася больш за 150 двароў,
быў збожжазапасны магазін, працавала царкоўна-прыходская школа, піцейны дом,
тры млыны, на могілках была прыпісная царква Сененскага прыходу. Найбольшая ж
колькасць жыхароў была адзначана ў Асташыне ў 1909 годзе – 1116 чалавек.
Вядомы асташынцы і сваім змагарных духам. Яшчэ ў 1525 годзе тут зафіксаваны
пратэст сялян на павелічэнне павіннасцей, а ў 1932 годзе адбылося ўзброенае
выступленне супраць асаднікаў, якія скуплялі маёмасць сялян. У памяць гэтай
падзеі ў вёсцы ўстаноўлены памятны знак.
Цяпер Асташына – з’яўляецца цэнтрам сельскага савета, уваходзіць у склад
Аграпрадпрыемства імя Адама Міцкевіча. Тут пражывае звыш 250 чалавек, працуе
клуб, бібліятэка, магазін.
У Асташыне захаваўся былы сядзібны дом, адлюстраваны на фотаздымку Яна
Булгака. Дах будынка згарэў у гады 2-й сусветнай вайны, пасля вайны быў
зменены. У гэтым будынку працавала базавая школа (закрыта ў 2004 годзе).
Раней меркавалася, што тут нарадзіўся Ян Булгак, але, згодна яго апублікаваных памінаў, нарадзіўся ён
у в. Асташын (на рэчцы Сэрвеч) цяперашняга Карэліцкага раёна.