Першая публікацыя:
М.Гайба Народныя майстры і рамёствы Навагрудчыны // Памяць. Гіст.дакумент. хроніка Навагрудскага раёна. - Мінск, 1996 . - С.509-510
Пры выкарыстанні - спасылка абавязковая!.
Традыцыйныя рамёствы Навагрудчыны
Традыцыі народнага мастацтва на Навагрудчыне ўзыходзяць ад старажытных часоў. Ужо ў ХІІ ст., як паказалі археалагічныя даследаванні, Навагрудак быў вядучым горадам беларускага Панямоння з добра развітымі рамёствамі і шырокімі гандлёвымі сувязямі.
Сярод усіх відаў рамяства найбольш пашыранымі былі ганчарства і ткацтва, без прадметаў якіх было немагчыма жыццё вясковага чалавека. Тыповымі для мсяцовасці былі вырабы паліванай, рабой і чорнаглянцавай керамікі. Яшчэ ў 60-ых гадах ХХ ст. на рынках Навагрудка і Любчы можна было бачыць гаршкі, збаны, крынкі, гарлачыкі, цёрлы і іншы посуд прывезены, у асноўным, з вёсак Карнышы і Брацянка. Пашыраны на Навагрудчыне быў і чорнаглянцавы посуд, аздоблены геаметрычным дэкорам у выглядзе палосак, сетак, ёлачкі. У бліжэйшыя да нашага часу гады найбольшае распаўсюджванне атрымаў паліваны посуд. Прычым яго вонкавую паверхню звычайна глазуравалі не цалкам, а толькі ў верхняй частцы.
Уменне ткаць было абавязковым для жанчыны, і нездарма асноўную частку пасагу нявесты павінны былі складаць тканыя вырабы. Пераняўшы вопыт сваіх папярэднікаў, і цяпер на Навагрудчыне ткуць абрусы, посцілкі. дываны, упрыгожваючы імі свае хаты. Добрыя майстры гэтай справы ёсць у многіх вёсках раёна. Гэта: Моніч Н.С. – в.Нягневічы, Захарчук В.І. - в.Радагошча, Шымко З.У. – в.Нязнанава, Клімовіч С.С. – г.п.Любча, Ігнатчык В.А. – в.Ярошычы, Брычкоўская Ф.І. – в. Старыя Ганчары. Вытканыя імі посцілкі бываюць як шматколернымі, так і спалучаюць два колеры, звычайна светлыя на цёмным фоне, чырвоны або белы на чорным. і інш. Узоры ткуцца пераважна ў выглядзе палосачак, квадратаў, ромбаў. Даволі часта сустракаецца і геаметрычна-раслінныя арнаменты.
Даволі адметнымі з’яўляюцца і саматканыя паяскі. Важнае месца адводзілася поясу ў розных святах і абрадах. Ткалі ўзоры, у асноўным, пераборным спосабам. Узоры пераймаліся ці ствараліся асабіста самой майстрыцай. “Раёк”, “Ёлачка”, “Капыцік”, “Павучок”, “Паркі” – Арэшка А.Р, - в.Асташына, Ціхановіч Я.К. – в.Багудзенка, Грамыка З.М. – в.Мольнічы, Людвікевіч М.М. – в.Мольнічы, Радзюк Т.Л. і Брычкоўская Ф.І. – в.Старыя Ганчары. Вытканыя ільном і воўнай на тоўстай ільняной аснове, яны па ўсёй даўжыні маюць бесперапынны геаметрычны арнамент і завяршаюцца па краях вяровачнымі цясёмкамі, кутасамі.
Шмат стагоддзяў карыстаюцца беларусы ручніком. Ткуць і расшываюць яго і сёння, працягваючы ўдасканальваць тую прыгажосць, над якой працавалі папярэднія пакаленні. Асаблівасці мясцовых тканых ручнікоў – гэта пераборнае двухбаковае ткацтва. Як матэрыял выкарыстоўваўся лён, бавоўна, якія адбельваліся або фарбаваліся натуральнымі фарбамі.Больш позні перыяд - “каляровая глядзь, “крыжык”, ніз упрыгожваўся вязаннем кручком.
Чыста народным відам мастацтва з’яўляецца выраб разнастайных рэчаў з такіх танных і шырокадаступных матэрыялаў, як салома, лаза. Гэты матэрыял шырока выкарыстоўваўся і выкарыстоўваецца ў цяперашні час для вырабу розных хатніх рэчаў утылітарнага ці дэкаратыўнага прызначэння. Гэтым займаюцца Кулакоўская Т.Б. – в.Радагошча, Буінская Г.В. – в.Гарадзечна, Бузук А.А. – в.Навасёлкі, Вараніцкая А.І. – в.Гнесічы.
Традыцыі лозапляцення практычна не перапыняюцца, працягваюцца і ў наш час, хаця промысел бытуе не так шырока, як раней, калі лозапляценнем нярэдка займаліся цэлымі вёскамі. Сёння гэта занятак асобных майстроў, носьбітаў калісьці шырока пашыранага промыслу - Кулакоўскі І.В. – в.Радагошча, Анішчык І.А. – в.Багудзенка, Каратай І.У. – в.Чаромушкі, Лазоўскі С.А. – в.Мольнічы, Бубновіч І.П.- г.п.Любча.
Не менш важнае значэнне сярод іншых відаў рамёстваў займае мастацкая апрацоўка дрэва. З гэтага даступнага, дастаткова моцнага і ў той жа час лёгкага ў апрацоўцы матэрыяла ўзводзілі жыллё, майстравалі мэблю, рабілі транспартныя сродкі (вазы, сані, брычкі), посуд і прыстасаванні для працы. Сярод майстроў: Пліско А.Ю. – в.Валеўка, Ціхановіч В.М. – в.Багудзенка, Сядляр В.М. – в.Лабачы, Анішчык М.І. – в.Чаромушкі, Чышэўскі А.Б. – в.Лаўрышава, Анацкі М.А. – в.Харосіца, Картасаў У.Ф. – в.Кміцянка, Пронька М.Ф. – г.п.Любча.