Першая публікацыя: (Артыкул для "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі". Т.6. Кн.2.- Мінск, 2004.)

Вёска ЯТРА Навагрудскага раёна


ЯТРА, вёска, цэнтр сельсавета і Таварыства з Абмежаванай Адказнасцю (ТАА) “Ятра” у Навагрудскім раёне, на р.Ятранка (прыток Моўчадзі), за 28 км. на Пдз. ад Навагрудка, за 15 км. ад чыг. ст. Наваельня, каля аўтадарогі Карэлічы-Наваельня, 289 ж., 133 двары (2002).
Упершыню згадваецца ў 1554г., як двор Ю.В.Цішковіча. У др. пал. ХVІст. была ўласнасцю некалькіх шляхцічаў, пераважна татар. У 1562г. атрыманы дазвол вял. кн. Жыгімонта Аўгуста на заснаванне мястэчка, права мець корчмы, праводзіць базары ў нядзелю і кірмашы “на Пятра”. З 1670г. Я. – маёнтак С. Незабытоўскага, 14 дымоў. У 1672г. фундушавы маёнтак Навагрудскага іезуіцкага калегіума. У 1717г. – м. С. Незабітоўскага, 46 дымоў, Ятра Обрынская, м. інфлянцкага стольніка Цудкалера, які ён атрымаў ад рэктара Навагрудскага іезуіцкага калегіума. У 1761г. заснавана уніяцкая царква Багародзіцы. З 1777г. м.Кашыца. У м. 1 дым, 2 фальваркі (2 дымы), 13 вёсак (170дымоў). З 1795г. у Рас. імперыі, уласнасць Я.Кашыца, палкоўніка былых войск Рэчы Паспалітай.
У час паўстання 1830-31гг. у м.Ятра яго уладальнік, былы напалеонаўскі афіцэр Юзэф Кашыц сфарміраваў першы на Навагрудчыне паўстанцкі атрад, які 22.07.1831г. увайшоў у Навагрудак. Паўстанцы вызвалілі палітычных вязняў, пашкодзілі частку спраў ніжняга земскага суда, паліцыі і ратушы, канфіскавалі правіянт з запаснага магазіна. Да паўстанцаў далучыўся і Францішак Міцкевіч, які быў прызначаны часовым кіраўніком горада. Ю.Кашыц, прызнаны ўрадам дзярж.злачынцам 1-й катэгорыі, эмігрыраваў у Францыю. М. Ятра быў канфіскаваны і перададзены ў казну.
У 1851г. у Ятры адкрыта першае ў Навагрудскім павеце прыходскае вучылішча, у якім у 187 -18 гг. вучыўся Яўхім Карскі.
У др.пал. ХІХст. – пач.ХХст. вёска, цэнтр сельскай грамады Пачапаўскай воласці Навагрудскага павета, Ятранскага праваслаўнага прыходу. У 1870г. 105 рэвізскіх душ былых дзяржаўных сялян. У 1876г. м. калежскага саветніка М.В.Селіверстава паводле купчай 1869г. Яго Імператарскай Вялікасці, як ўзнагарода за службу; вадзяны млын, карчма; гаспадаркай займаўся арандатар. У 1897г. сяло, 328ж., 49 двароў, царква, народнае вучылішча, 2 крамы, збожжазапасны магазін, піцейны дом, вадзяны млын. У 1909г. 398 ж., 55 двароў. З 1921г. у складзе Польшчы, вёска Пачапаўскай гміны Навагрудскага павета Навагрудскага ваяводства 384 ж., 67 жылых дамоў, фальварак. З 1939г. у БССР, цэнтр сельсавета, з 15.01.1940г. у Валеўскім раёне, з 12.10.1940г. у Карэліцкім раёне Баранавіцкай вобл., з 8.01.1954г. Гродзенскай вобл., з 25.12.1962г. у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобл. У Я. Заполле-Ятраўская агульнаадукацыйная школа, дзіцячы сад, бібліятэка, аддз. сувязі, магазін, комплексны прыёмны пункт, помнік воінам-землякам, якія загінулі ў гады Вял.Айч.в-ны, мемарыяльны помнік камандзіру партыз.атрада С.К.Камышову, 4 брацкія магілы, у якіх пахаваны 8 партызан, праваслаўная царква Багародзіцы (1946г.).

М.Гайба (г.Навагрудак)

Карысныя спасылкі
Замки Беларуси Сайт г.Дзятлава Баранавічы ва ўспамінах Все о реках и озерах Республики Беларусь Bialoru Музей традыцыйных Беларускiх абярэгаў
История Беларуси: первоисточники
Сайт любителям генеалогических изысканий
Беларуская электронная бібліятэка
Коллекция словарей и энциклопедий -

E-mail: gaiba@tut.by

RATING ALL.BY Каталог TUT.BY белорусская поисковая система
Baaza.ru - Каталог сайтов и баз данных. История

Лічыльнікі сайта ўстаноўлены 16.05.2005г.


Распрацоўка сайта, дызайн, admin (с) Мікалай Гайба (Mikalai Gaiba): gaiba@tut.by
Novogrudok. 2004-2008гг.
Hosted by uCoz