Першая публікацыя:
Мікалай Гайба. Гэта было ў першыя дні // Новае жыццё (г.Навагрудак). 2004. - 28 ліпеня (28.07).
При использовании – прошу сделать ссылку на авторство материала.

Навагрудак у чэрвені 1941 года


Для жыхароў Навагрудчыны, як і ўсёй краіны, інфармацыя аб нападзенні фашысцкай Германіі прагучала па радыё ў 12 гадзін дня 22 чэрвеня 1941 года. А ўжо ў другой палове гэтага дня над горадам з’явіліся нямецкія бамбардзіроўшчыкі, якія скінулі некалькі бомбаў і абстралялі ваенны гарадок. У гэты час у Навагрудку на фарміраванні знаходзілася 27 танкавая дывізія, якая ўваходзіла ў 17 механізаваны корпус, штаб якой знаходзіўся ў Баранавічах. Ствараць дывізію пачалі толькі ў сакавіку 1941г. Яна ўключала ў сябе 2 танкавыя палкі, матастралковы полк, які павінен быў размясціцца ва Уселюбе і Гірдаўцы, полк гаўбічнай артылерыі, асобны зенітны артылерыйскі дывізіён і іншыя падраздзяленні. Але да пачатку ваенных дзенняў дывізія не была ўкамплектавана. Было толькі 9 танкаў з больш чым 270 па штату і 43 аўтамашыны з больш чым 1000 па штату. Мала было бронемашын і зенітных пушак. З каля 9000 чалавек асабовага складу толькі 30-35% мелі асабістую зброю. Сярод прызыўнікоў, якія прыбылі сюды ў маі, значная колькасць была з Узбекістана і Туркменіі і, слаба ведаючы рускую мову, яны не змаглі хутка атрымаць неабходыя веды. Камандзірам дывізіі быў палкоўнік Ахманаў Аляксей Осіпавіч, ураджэнец Татарстана. (Ён, дарэчы, прайшоў праз усю вайну, атрымаў званне Героя Савецкая Саюза і закончыў службу ў званні генерал-лейтэнанта).
Незадоўга да вайны, у маі месяцы, было прынята рашэнне аб стварэнні 13 арміі, штаб якой павінен быў быць у Магілёве. 18 чэрвеня паступіла распараджэнне перабазіраваць штаб арміі ў Навагрудак. З гэтаю мэтай сюды назаўтра прыбыла група афіцэраў, якіх вайна і застала ў нашым горадзе. З пачаткам вайны яны выехалі ў Маладзечна. А мясцовай 27 танкавай дывізіі было загадана накіравацца ў бок Ліды. На пяты дзень баёў у ёй застаўся адзі танк і каля 1300 чалавек, з іх каля тысячы былі без зброі. Пазней яна адыходзіла на Мір-Слуцк.
Трагічную сітуацыю пачатку вайны моцна ўскладніла тое, што ні ваеннае ні, асабліва, грамадзянскае насельніцтва не мела практычна ніякай інфармацыі аб ваенных падзеях: дзе фронт, што рабіць далей - былі розныя чуткі і ўсё часцей чуліся стрэлы, разрывы бомбаў і снарадаў. На Навагрудчыне пачалася мабілізацыя ваеннаабавязаных 1905-1918 гадоў нараджэння, эвакуацыя сямей партыйных, савецкіх работнікаў і ваенаслужачых. Было прынята рашэнне эвакуіраваць і вязняў Навагрудскай турмы. Іх прывялі на чыгуначны вакзал, пасадзілі ў вагоны, але, як потым дакладваў начальнік турмы, прыбеглі мясцовыя жыхары і павыпускалі іх з вагонаў. У асобных месцах горада пачаліся грабяжы, якія былі спынены створанай раённай узброенай дружынай. Многія сем’і вырашылі падацца на ўсход у бежанцтва, аднак удалося гэта не ўсім, бо на старой дзяржаўнай граніцы ў раёне Рубяжэвічы-Стоўбцы, іх затрымлівалі для праверкі дакументаў і многіх вярталі назад. Праз некалькі дзён ноччу з Навагрудка выехалі кіраўнікі раёна, пакінуўшы на месцы партыйны архіў з сакрэтнымі дакументамі і картатэкай, якія нарабілі бы шмат бяды. калі б трапілі ў рукі гестапа. Намаганнямі мясцовых актывістаў архіў быў з дапамогай ваенных вывезены ў Магілёў.
А фронт тым часам набліжаўся бліжэй да Навагрудка. 27 чэрвеня нямецкія войскі захапілі Ліду і Баранавічы, 28 чэрвеня ўвайшлі ў Мінск. З захаду на Навагрудак ішлі 4-я і 9-я нямецкія арміі. Пад Навагрудкам утварыўся сапраўдны “кацёл”, ў якім змагаліся з ворагам на той час ужо разрозненыя часці 3-й. 10-й і 13-й армій. Шэсць дзён у раёне Навагрудка, Карэліч, Нлібацкай пушчы ішлі баі, якія скоўвалі наступленне нямецкіх войск на усход. Начальнік германскага Генеральнага штаба Гальдэр запісаў у сваім дзённіку 2 ліпеня: “Фюрэр выказаў свой неспакой па прычыне мяшка ў раёне Навагрудка”.
28 чэрвеня ў Навагрудак увайшлі адступаючыя часці Чырвонай Арміі: пагранічнікі, мотастралкі і іншыя, выставіўшы на ўскраіне патрулі. У гэты ж дзень на горад быў зроблены масіраваны налёт нямецкай авіяцыі. У выніку была разбурана цэнтральная частка Навагрудка: гінулі людзі, была знішчана ўнікальная архітэктура гарадской плошчы. Савецкія часці выйшлі з горада і накіраваліся ў бок Нёмана і Налібоцкай пушчы., дзе адбылося некалькі баёў у раёне Любчанскай і Шчорсаўскай перапраў.
4 ліпеня 1941 года ў Навагрудак увайшлі нямецкія вайскі – пачаўся доўгі перыяд фашысцкай акупацыі.

Мікалай Гайба
г. Навагрудак

Карысныя спасылкі
Замки Беларуси Сайт г.Дзятлава Баранавічы ва ўспамінах Все о реках и озерах Республики Беларусь Bialoru Музей традыцыйных Беларускiх абярэгаў
История Беларуси: первоисточники
Сайт любителям генеалогических изысканий
Беларуская электронная бібліятэка
Коллекция словарей и энциклопедий -

E-mail: gaiba@tut.by

RATING ALL.BY Каталог TUT.BY белорусская поисковая система
Baaza.ru - Каталог сайтов и баз данных. История

Лічыльнікі сайта ўстаноўлены 16.05.2005г.


Распрацоўка сайта, дызайн, admin (с) Мікалай Гайба (Mikalai Gaiba): gaiba@tut.by
Novogrudok. 2004-2008гг.
Hosted by uCoz